ШТУ́ЧНЫЯ СПАДАРО́ЖНІКІ МЕ́СЯЦА (ШСМ),

касмічныя апараты (КА), выведзеныя на арбіты вакол Месяца для даследавання Месяца і калямесяцавай прасторы.

Першым у свеце ШСМ стала сав. аўтаматычная міжпланетная станцыя (АМС) «Месяц-10», запушчаная 31.3.1966 (гл. «Месяц»), У 1966—74 на калямесяцавыя арбіты выведзены АМС «Месяц-11», «Месяц-12», «Месяц-14», «Месяц-19» «Месяц-22». ШСМ сталі амер. АМС «Лунар орбітэр», «Эксплорэр», «Клеменціна» (запушчаны 26.1.1994), «Лунар проспектар» (запушчаны 6.1.1998), яп. АМС «Мюзес-А» (запушчана 24.1.1990). На арбіты вакол Месяца выходзілі амер. пілатуемыя касм. караблі ў час рэалізацыі праграмы «Апалон». Пры дапамозе ШСМ складзены карты Месяца, даследавана глабальная структура гравітацыйнага поля, праведзены вымярэнні магн. поля і даследаванні грунту Месяца.

Літ.:

Уманский С.П. Луна — седьмой континент. М., 1989.

У.​С.​Ларыёнаў.

Першы штучны спадарожнік Месяца — савецкая аўтаматычная міжпланетная станцыя «Месяц-10».

т. 17, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)